
10 ліпеня ў 16.00 у Выставачнай зале Музея гісторыі і культуры г. Наваполацка адбудзецца адкрыццё выставы творчасці пісьменніцы і мастачкі Галіны Пятроўны Загурскай “Ад шчырай душы”.
Нарадзілася ў мястэчку Лявонпаль Міёрскага раёна Віцебскай вобласці.
У 1967 годзе закончыла фізіка-матэматычны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава.
З 1973 года жыве ў горадзе Полацку. Працавала выкладчыкам і метадыстам.
Друкавалася ў часопісах: “Маладосць”, “Полымя”, “Алеся”, “Роднае слова”, “ЛИФФТ”; у газетах: “ЛіМ”, “Краязнаўчая газета”, “Сельская газета”, “ Міёрскія навіны”, “Полацкі веснік”, “Витебские вести”, у многіх калектыўных зборніках, у тым ліку ў кнігах: “Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы”, “Сафійка. Полацк. Родны край”, “Бачу Беларусь такой”, “На падкове Дзвіны. Літаратурная Міёршчына”, “Расставаясь с чуткой тишиной» (кніга перакладаў твораў беларускіх аўтараў на рускую мову. Таганрог, 2018 г.).
Выдала аўтарскія зборнікі вершаў: “З далоняў сэрца” (2007 г.) , “Да зямлі прытуліцца” (2009 г.), “З росаў святаянных” (2013 г.), “У месяцовым перламутры” (2017 г.), “Бераг зарападаў” (2019 г.), “”Санеты” (2024 г.), “Жывуць у Полацку стагоддзі…” (2024 г.). У 2024 годзе атрымала званне “Паэт года Віцебшчыны”.
Узнагароджана абласной літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Караткевіча за кнігу лірыкі “З росаў святаянных” (2015 г.), абласной літаратурнай прэміяй імя Петруся Броўкі за кнігу “Бераг зарападаў” (2020 г.) і за кнігу “Санеты” (2024 г.).
Займаецца перакладамі. У 2017 годзе стала адным з пераможцаў міжнароднага перакладчыцкага праекта “Берега дружбы: Беларусь-Россия”.
Звесткі пра яе творчасць апублікаваны ў персанальнай энцыклапедыі "Уладзімір Караткевіч", у кнігах “Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны” і “Insita”. Яе работы ў “Insita” ўнесены ў Спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2010 года.
Чакаем гасцей і жыхароў г. Наваполацка па адрасе: вул. Юбілейная, 1 (Выставачная зала).